"Дык шануй, беларус, сваю мову!"

"Дык шануй, беларус, сваю мову!"

У рамках падпісанага пагаднення паміж Беларуска-Расійскім універсітэтам, Новасібірскім тэхнічным універсітэтам, Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры старшы выкладчык кафедры «Гуманітарныя дысцыпліны» Панежа В. В. з 7 па 10 лістапада 2019 года правяла наступныя мерапрыемствы:

7 лістапада ў Новасібірскім цэнтры беларускай культуры прайшоў чарговы семінар па беларускай мове на тэму “Дык шануй, беларус, сваю мову!” На семінары прысутнічалі супрацоўнікі цэнтра, кіраўнікі музычных калектываў Чулымскага і Качанеўскага раёнаў, якія прапагандуюць беларускія песні, традыцыі, звычаі; прадстаўнікі беларускай суполкі г. Новасібірска і тыя, хто неабыякавы да беларускай мовы і культуры беларусаў. Удзельнікі семінара з вучнёўскім запалам не толькі выконвалі розныя заданні, чыталі вершы, разгадвалі загадкі, але і папаўнялі свае веды па граматыцы і лексіцы. На семінары быў прэзентаваны аўтарскі праект (Панежа В. В.) «Далёкая малая Радзіма», прысвечаны супрацоўніцтву паміж Беларуска-Расійскім універсітэтам, Новасібірскім тэхнічным універсітэтам і Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры.

8 лістапада ў НДТУ на кафедры філалогіі для студэнтаў трэцяга курса праведзены чарговы семінар на тэму “Культура беларускага маўлення ў кантэксце славянскіх моў і культур”. Тэма семінара была вызначана сумесна са Святланай Уладзіміраўнай Русанавай, к. філ.н., дацэнтам кафедры філалогіі.

10 лістапада ў г. Балотнае Новасібірскай вобласці прайшоў міжрэгіянальны фестываль “У гасцях у Лявоніхі”, у адкрыцці якога прыняла ўдзел Панежа В. В. У якасці гасцей на фестывалі таксама прысутнічалі выкладчыкі кафедры «Гуманітарныя дысцыпліны» Мурадзян Н.У., Шарапава А.В. Падчас фестывалю мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога майстэрства; прынялі ўдзел у рабоце майстар-класаў па народных беларускіх рамёствах; выступілі ў якасці журы конкурснай выставы “Беларуская лялька”.

Кожны народ мае багатую культуру, традыцыі, назапашаныя стагоддзямі, непаўторную самабытнасць. Не згубіць гэтай каштоўнасці ўдалечыні ад малай Радзімы – вялікая справа. Новасібірскі цэнтр беларускай культуры – гэта не проста этнічная суполка, гэта “астравок”, які аб'яднаў вакол сябе найбольш таленавітых і творчых людзей. Знаходзячыся ўдалечыні ад сваёй гістарычнай Радзімы, яны не згубілі сувязі з ёй, змаглі захаваць культуру і традыцыі сваіх продкаў, шмат робяць для папулярызацыі беларускай мовы. Іх дзейнасць – гэта не проста захапленне, гэта надзённая неабходнасць. Радуе тое, што да сваёй дзейнасці актыўна далучаюць маладое пакаленне – дзяцей, унукаў. Маладое пакаленне з гонарам будзе працягваць справу бацькоў.

0
12:18
RSS
Нет комментариев. Ваш будет первым!